Другія выбары ў Каардынацыйную раду (КР) павінны былі пачацца ўвечары 11 траўня, аднак гэтага пакуль не адбылося (на раніцу 12 траўня. — РС). Арганізатары паведамляюць пра магутныя DDoS-атакі на сэрвісы КР.
Спачатку старт галасаваньня перанесьлі праз жаданьне выбарчай камісіі дадаткова праверыць кампанію Sumsub, якую абралі ў якасьці вэрыфікатара пэрсанальных зьвестак выбарнікаў.
Паколькі галасаваньне арганізавана дыстанцыйна праз мабільную аплікацыю або інтэрнэт-сайт, усе яго ўдзельнікі павінны быць вэрыфікаваныя з дапамогаю староньняй камэрцыйнай кампаніі. Працэдура нагадвае вэрыфікацыю пры рэгістрацыі ў фінтэх-кампаніях кшталту Revolut або Paysera. Спачатку трэба сфатаграфаваць апошнюю старонку пашпарта, затым свой твар. Усе гэтыя дадзеныя адсылаюцца на сэрвэры брытанскай кампаніі Sumsub, якую арганізатары галасаваньня выбралі ў якасьці вэрыфікатара.
За дзень да пачатку галасаваньня высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub — грамадзяне Ізраілю расейскага паходжаньня, а некаторыя з кліентаў кампаніі адносна нядаўна заяўлялі аб праблемах зь бясьпекай. Пазьней выданьне «Наша Ніва», якое напісала пра гэта, адрэдагавала публікацыю. Аднак пачатак галасаваньня ўсё адно адклалі.
«Мы даслалі запыт аб дадатковай інфармацыі ў кампанію Sumsub, — сказаў распрацоўнік сыстэмы галасаваньня Павал Лібер у размове з Свабодай. — Па-другое, мы сумесна з выбарчай камісіяй вырашылі дадаткова вывучыць матэрыялы, зьвязаныя з заснавальнікамі кампаніі і яе бэнэфіцыярамі. Паднялі інфармацыю таксама пра кіпрскую кампанію (папярэдніка Sumsub — РС), каб упэўніцца дадаткова, што ніякіх сувязяў з расейскімі ўладамі кампанія ня мае».
Падчас першых выбараў у Каардынацыйную раду ў траўні 2024 году вэрыфікацыяй дадзеных выбарнікаў займалася эстонская кампанія Veriff. Сёлета вырашылі выбраць Sumsub. У тым ліку зь меркаваньняў бясьпекі, заўважае Павал Лібер.
«Нам здалося, што Sumsub больш якасна распазнае выявы, — гаворыць Павал Лібер. — Зноў жа на карысьць Sumsub сьведчыла тое, што надзейнасьць кампаніі прызнавалі Gartner і Forrester (вядучыя сусьветныя аналітычныя агенцтвы, якія спэцыялізуюцца на ацэнцы тэхналёгіяў вэрыфікацыі і якасьці дадзеных і штогод публікуюць справаздачы з ацэнкай лідэраў рынку. — РС). З гледзішча маштабнасьці Sumsub і тэхнічнай бясьпекі ў нас няма сумневаў. Гэта абмяркоўвалася ўчора на дадатковым паседжаньні выбарчай камісіі. Але вось пытаньне аб бэнэфіцыярах усплыло, і трэба на яго адказаць».
З словаў Паўла, выбар кампаніяў, якія займаюцца вэрыфікацыяй пэрсанальных зьвестак, адносна невялікі. Іх дзясяткі, а ня сотні ці тысячы. Рынак дастаткова нішавы, паслуга патрэбная ў асноўным банкам, сэрвісам пераводу сродкаў, крыптабіржам.
«Sumsub выбіраў асабіста я, — дадае Павал Лібер. — Мы з камандай ацэньвалі розныя кампаніі. Мы не хацелі зноў працаваць з Veriff, бо яна была мінулым разам. І рэжым меў час, два гады, каб паспрабаваць да іх падабрацца. Таму мы хацелі знайсьці новую кампанію, некага іншага. Мы глядзелі на некалькі кампаніяў, выбіралі паводле крытэраў. Каб гэта была вялікая вэрыфікаваная кампанія, каб нас задавальняла якасьць, зь якой яны працуюць. Гэта было і маё ў тым ліку рашэньне. Я не адмаўляюся ад яго і зараз».
Вынікі выбараў у Каардынацыйную раду павінны абвясьціць 18 траўня, неўзабаве пасьля завяршэньня галасаваньня. У мінулай кампаніі прагаласавалі 6723 чалавекі. Зараз арганізатары спадзяюцца, што яўка будзе хаця б такой жа, аднак выбары адбудуцца пры любой колькасьці галасоў.
Форум